Доска объявлений

Лятучы ўніверсітэт абвяшчае набор на 2016-2017 навучальны год

| 12.09.2016

З 12 верасня 2016 года пачаўся прыём заявак на агульнаўніверсітэцкія курсы і семінары ў Лятучым універсітэце.

LU-cet

Таксама для слухачоў будзе адкрыта магчымасць далучыцца да працы школ магістраў гульні, што былі распачаты ў студзені 2016 года.

Гэты навучальны год у Лятучым універсітэце будзе акцэнтаваны на працы з індывідуальнасцю, самавызначэннем і пабудовай Ідэнтычнасці як асабістай, так і супольнай, з пошукамі і выбудовай свайго часу. Як і заўжды мы не даем «правільных адказаў», а прапануем сродкі, метады і мовы для працы з Індывідуальнасцю, пошуку яе месца ў мысленні.

У гэтым годзе адукацыя ў Лятучым універсітэце зноў будзе ісці на двух узроўнях.

На першым узроўні слухачам прапануюцца агульнаўніверсітэцкія курсы.

Яны даюць магчымасць засваення розных падыходаў у мысленні, гуманітарных і інтэлектуальных практыках, знаёмства з актуальнымі і ўнікальнымі напрамкамі сучаснай беларускай думкі, пошуку свайго Настаўніка.

Другі ўзровень адукацыі ствараюць школы магістраў гульні.

Мы ведаем Magister ludi з твораў Германа Гесе. У Касталіі магістры стваралі новую культуру, якая пераадольвала б стан «фельетонной эпохі». І фантастычнай Касталіяй гэты пошук не скончаны. Школы магістраў гульні — невялікія групы, працуючыя ў шчыльнай камунікацыі з беларускімі мыслярамі і інтэлектуаламі. У мінулым годзе пачалі працаваць чатыры школы, і да іх працы можна далучыцца, падаўшы заяўку і прайшоўшы сумоўе.

Цягам года будуць працаваць некалькі семінараў.

Яны накіраваны на распрацоўку ідэй, выпрабаванне набытых ведаў і сфармаваных пазіцый, крытыкі і працы над інтэлектуальнымі задачамі, гэта месца сустрэчы не проста з выкладчыкамі, а з калегамі.

Калі вы жадаеце ўзяць удзел у новай праграме Лятучага ўніверсітэта, неабходна падаць заяўку да 10 кастрычніка 2016 года (форма заяўкі — па спасылцы курса/школы).

Разгонутую інфармацыю пра курсы, школы і семінары можна знайсці ў «Праграме на год» на сайце Лятучага універсітэта.

Усе заняткі бясплатныя.

Заняткі першага і другога ўзроўня будуць праходзіць па вечарох і пераважна ў працоўныя дні.

Па дадатковых пытаннях можаце звяртацца на адрас электроннай пошты: flyuniby@gmail.com.

Больш падрабязна даведацца пра Лятучы ўніверсітэт, адукацыйныя прынцыпы і падыходы да арганіазцыі ў ім мыслення, а таксама пра магчымасці адукацыйнай праграмы можна будзе падчас прэзентаціі Лятучага ўніверсітэта, якая адбудзецца 19 верасня 2016 года ў межах Тыдня беларускага мыслення (Прастора «Корпус8», Мінск, прасп. Машэрава, 9).