Доска объявлений

Міжнародная канферэнцыя «Беларусізацыя. Ці можна завяршыць працэс інстытуцыянальнага будаўніцтва незалежнай дзяржавы?»

| 11.11.2013

22 лістапада 2013 года ў Мінску пройдзе міжнародная канферэнцыя «Беларусізацыя. Ці можна завяршыць працэс інстытуцыянальнага будаўніцтва незалежнай дзяржавы?».

Канферэнцыя арганізавана Цэнтрам еўрапейскай трансфармацыі (Беларусь) пры падтрымцы Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь» (Літва, Беларусь) і Фонду Генрыха Бёля (Германія). Мерапрыемства збярэ экспертаў па пытаннях трансфармацыйных працэсаў з Германіі, Польшчы, Украіны, Расіі і Беларусі.

Мэта мерапрыемства — абазначэнне прынцыповых праблем і паглыблення разумення прычын супраціву шэрагу постсавецкіх краін і народаў трансфармацыйным працэсам у XXI стагоддзі. Калі тэматыка леташняй міжнароднай канферэнцыі тычылася канцэптуальных, тэарэтычных і практычных пытанняў дэсаветызацыі, то ў гэтым годзе мы факусуем сваю ўвагу на праблемах завяршэння інстытуцыянальнага будаўніцтва незалежных дзяржаў. Для Беларусі гэты комплексны працэс фарміравання сучаснай нацыі, уключаючы станаўленне новых грамадскіх інстытутаў і інстытутаў дзяржавы, па традыцыі можна пазначыць тэрмінам «беларусізацыя».

Існуюць розныя падыходы да праблем і прычын трансфармацый, але так ці інакш яны заўсёды могуць быць апісаны ў тэрмінах працэсаў (штучных і/або натуральных), а таксама суб’ектаў ці актараў гэтых трансфармацый. Цягам дыскусій мы паспрабуем зразумець актуальны стан ідучых працэсаў, лакалізаваць іх, выявіць у іх саміх сябе, а таксама пабудаваць новыя схемы практычнай працы з гэтымі працэсамі. У абмеркаванне будуць уключаны розныя тэматычныя аспекты агульнай праблемы незавершаных трансфармацый посткамуністычнай прасторы, у прыватнасці: «Роля інтэлектуальных эліт у працэсах трансфармацыі», «Нацыі і нацыянальнае будаўніцтва: ідэі, практыкі, падыходы», «Інстытуты і інстытуцыянальнае будаўніцтва: палітыка, эканоміка, права, адукацыя, культура і г.д.», «Трансфармацыі сацыяльнага і сацыяльнасці, або Як выглядае сучаснае грамадства?», «Рэальнасць трансфармацый і крытыка існуючых мадэлей і трансфармацыйных тэорый», «Рабочыя схемы» будаўніцтва незалежных дзяржаў, або Што знаходзіцца ў практыцы рэалізацыі актуальных трансфармацый?».

Абмеркаванне будзе тычыцца наступных пытанняў:

  • Праблемы станаўлення незалежных дзяржаў на постсавецкай прасторы: працэсы і суб’екты;
  • Пачаткі трансфармацыі: актуальны стан, лакалізацыя працэсаў, самавызначэнне ў сітуацыі;
  • Мадэлі, схемы, тэорыі станаўлення незалежных дзяржаў: ад разумення да практыкі рэалізацыі.

Дакладчыкі і тэмы дакладаў

Панэль «Праблемы і працэсы»:

  • Уладзімір Нікіцін (Украіна), метадолаг, доктар культуралогіі, прэзідэнт Украінскага педагагічнага клуба, заснавальнік міжнароднага праекта “Foundation For Future”, намеснік дырэктара Украінскага інстытута публічнай палітыкі.

Тэма даклада: «Інтэлектуальная падтрымка працэсаў станаўлення постсавецкіх грамадств».

  • Уладзімір Мацкевіч (Беларусь), філосаф і метадолаг, кіраўнік Агенцтва гуманітарных тэхналогій (Мінск).

Тэма даклада: «Беларусізацыя: рамкі і змястоўнае напаўненне. Гістарычная дэтэрмінацыя».

  • Уладзімір Каганскі (Расія), географ і метадолаг навукі, кандыдат геаграфічных навук, навуковы супрацоўнік Інстытута геаграфіі Расійскай акадэміі навук.

Тэма даклада: «Сучасная Расійская Федэрацыя як Імперыя».

  • Таццяна Вадалажская (Беларусь), метадолаг, сацыёлаг, кандыдат сацыялагічных навук (PhD), каардынатар адукацыйнай праграмы «Лятучы ўніверсітэт».

Тэма даклада: «Беларускае грамадства: метадалагічныя праблемы сацыяльнай веды».

Панэль «Нацыянальны праект»:

  • Андрэй Казакевіч (Беларусь), палітолаг, доктар паліталогіі (PhD), дырэктар Інстытута палітычных даследаванняў «Палітычная сфера», галоўны рэдактар часопіса «Палітычная сфера», старшы навуковы супрацоўнік Універсітэта Вітаўта Вялікага (Літва).

Тэма даклада: «Канцэпцыі беларускай нацыі: канкурэнцыя і ўніфікацыя ў 1990-2012 гадах».

  • Пётр Рудкоўскі (Беларусь), філосаф і тэолаг, магістр філасофіі, магістр тэалогіі, дактарант Інстытута філасофіі Варшаўскага ўніверсітэта (Польшча).

Тэма даклада: «Інтэлектуальныя козыры праціўнікаў нацыянальнага праекта».

Панэль «Праектаванне і канструяванне»:

  • Аляксандр Рапапорт (Расія), архітэктар і тэарэтык архітэктуры, доктар мастацтвазнаўства, вядучы навуковы супрацоўнік НДІ тэорыі архітэктуры і горадабудаўніцтва Расійскай акадэміі архітэктуры і будаўнічых навук.

Будзе пацверджана дадаткова.

  • Ігар Духан (Беларусь), архітэктар і тэарэтык мастацтва, кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар, загадчык кафедры мастацтваў Дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Тэма даклада: «Мастацтва і ландшафт у канструяванні ладу нацыянальнага асяроддзя».

  • Уладзімір Дунаеў (Беларусь), кандыдат філасофскіх навук, прафесар, кіраўнік Агенцтва палітычнай экспертызы, эксперт Грамадскага Балонскага камітэта.

Тэма даклада: «Беларуская адукацыя: гісторыя няўдалых рэформ».

Панэль «Тэорыі і практыкі»:

  • Андрэй Ягораў (Беларусь), метадолаг, палітолаг, магістр палітычных навук, дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі.

Тэма даклада: «Рабочыя схемы» трансфармацыйных працэсаў».

  • Марцін Брусiс (Martin Brusis) (Германія), доктар сацыялогіі (PhD), навуковы кіраўнік экспертнай сеткі “Institutions and Institutional Change in Post-Socialism” пры Інстытуце палітычных навук Мюнхенскага ўніверсітэта Людвіга-Максіміліяна.

Тэма даклада: «Трансфармацыйныя тэорыі апошняга дваццацігоддзя».

Рабочыя мовы канферэнцыі: беларуская, руская, англійская. Арганізатары забяспечваюць пераклад з англійскай мовы.

Запрашаем да ўдзелу ў канферэнцыі беларускіх даследчыкаў праблем посткамуністычных трансфармацый у Беларусі (філосафаў, сацыёлагаў, палітолагаў, гісторыкаў, культуролагаў), а таксама палітыкаў, грамадскіх дзеячаў, журналістаў, якія цікавяцца пытаннямі беларусізацыі.

Просім вас для рэгістрацыі да 20 лістапада 2013 года запоўніць заяўку.

Каардынатар канферэнцыі — Святлана Анташкевіч: cet.eurobelarus@gmail.com, (+375 29) 3538692.