Доска объявлений

Прэзентацыя вынікаў даследавання ўплыву «Дажынак» на трнсфармацыю беларускіх гарадоў

| 24.10.2012

Прэзентацыя вынікаў даследавання ўплыву "Дажынак" на трнсфармацыю беларускіх гарадоў

26 кастрычніка Лятучы ўніверсітэт і Міжнародны кансорцыюм «ЕўраБеларусь» праводзяць міні-канферэнцыю «Дажынкі» і трансфармацыя беларускіх гарадоў».

На ей будуць прадстаўлены канчатковыя вынікі даследвання «дажыначных» трансфармацый у беларускіх гарадах.

«Дажынкі» як нацыянальнае свята ладзіцца ў Беларусі з 1996 года. З таго часу падзея перарасла ў нешта значна большае, чым этнаграфічнае свята ўборкі ўраджаю. Гэта мерапрыемства набыло свой палітычны і эканамічны сэнс і «абрасло» міфамі і стэрэатыпамі. І калі адны кажуць пра «дасягненне новых вышынь у гарадскім добраўпарадкаванні ды праявы клопату аб селяніне», другія паказваюць падзею як чарговую праяву «аграгламуру». Доўгі час менавіта такі ангажаваны падыход быў вызначальным, і па-за пафасам і жартамі заставаліся незаўважнымі «Дажынкі» як аб’ект сур’езнага даследавання, як праблема, вартая дыскусіі навукоўцаў, спецыялістаў, экспертаў. У 2012 годзе даследчая група Лятучага ўніверсітэту ўпершыню занялася распрацоўкай пытання захавання спадчыны і трансфармацыі гарадской ідэнтычнасці падчас падрыхтоўкі да «Дажынак». Міні-канферэнцыя «Дажынкі» і трансфармацыя беларускіх гарадоў» прэзентуе шырокай публічнасці вынікі даследавання. У шасці паведамленнях даследчыкі прадставяць нечаканы вобраз «Дажынак» з розных ракурсаў:

  1. Планаванне «Дажынак» — заканадаўчае афармленне.
  2. Дажыначны стандарт — падрыхтоўка да свята: планы, праекты.
  3. «Дажынкі» як спосаб павышэння якасці жыцця гараджан.
  4. «Дажынкі» і архітэктурная спадчына.
  5. «Дажынкі» і жыццё беларускіх гарадоў ў люстэрку прэсы.

Мэта канферэнцыі — прыцягненне ўвагі спецыялістаў, экспертаў, чынавенства, журналістаў да «Дажынак» як да складанага сацыякультурнага феномена, як да масштабнага праекта, у выніку якога адбываюцца сур’езныя трансфармацыі гарадоў, а разам з гэтым аказваецца ўплыў на традыцыі памяці, гарадскую ідэнтычнасць, культурную своеасаблівасць і якасць жыцця беларускіх гарадоў. У сучаснай Беларусі практыка такіх «святочных» рамонтаў стала даволі распаўсюджанай: рэспубліканскія, абласныя «Дажынкі», Дні беларускага пісьменства. Такі падыход выяўляе шматлікія недахопы, і зразумела, што неабходны пераход да планамернай, узгодненай працы пры падрыхтоўцы да праектаў такога тыпу. Як магчыма здзейсніць гэты пераход? Ці могуць «Дажынкі» стаць тым кейсам, які б паказаў пачатковыя кропкі, ключавыя моманты, на якіх трэба сканцэнтраваць увагу? Якія яшчэ даследаванні былі б неабходныя ў гэтым накірунку?

Запрашаем да абмеркавання гісторыкаў, культуролагаў, архітэктараў, спецыялістаў і экспертаў па пытаннях захавання гістарычнай спадчыны, спецыялістаў па пытаннях праектавання развіцця гарадоў, дызайнераў, журналістаў, а таксама ўсіх зацікаўленых (папярэдне акрэдытоўвацца не трэба).

Вашай увазе размова пра «Дажынкі» кіраўніка даследчай групы Сцяпана Стурэйкі з Максімам Жбанковым, а таксаматэкст Сцяпана Стурэйкі, напісаны напярэдадні сёлетняга фестывалю, які прайшоў у Горках.

Мерапрыемства пройдзе 26 кастрычніка 2012 года (пятніца) ў Галерэі «Ў» (прасп. Незалежнасці, 37а). Пачатак у 16.00.

Запрашаем усіх зацікаўленых!

Па ўсіх пытаннях просім звязвацца з каардынатарам Юліяй Галіноўскай: (+375 29) 7422040, Julia.hurska@gmail.com.

ТЭГИ: